30.06.2017

У гонар народнага паэта

Імкліва бягуць гады, але колькі б часу не прайшло, заўсёды будуць жыць у памяці людзей Янка Купала і Якуб Колас – беларускія паэты, без якіх немагчыма ўявіць сабе беларускую літаратуру. Сёлета адзначаецца 135-годдзе з дня нараджэння нашых знакамітых пісьменнікаў. Юбілей Янкі Купалы пройдзе 7 ліпеня. Менавіта ў дзень народнага свята Купалля нарадзіўся  паэт, драматург, аўтар ўсім вядомых п’ес “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”.

Днямі ў Любанскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі адбылася літаратурная вечарына “Знакавыя постаці Беларусі: літаратурны партрэт Янкі Купалы”. Мерапрыемства было падрыхтавана бібліятэкарам данай навучальнай установы Кларай Ляўчэня ў суполцы з работнікамі Любанскай цэнтральнай бібліятэкі Наталляй Бычак  і Інай Ефіменка  для навучэнцаў груп № 379 і 383. Пры правядзенні вечарыны быў выкарыстаны медыя-праект  “Янка Купала: песняр зямлі беларускай”. Аформлена  кніжная выстава “Жывое Купалава слова”.  Падрыхтавана віктарына  “Сцежкамі Купалы”.

Падчас мерапрыемства навучэнцы з задавальненнем дэкламавалі вершы знакамітага класіка. Усіх прысутных прыемна ўразіла выступленне Максіма Махвеені, які  выразна і пранікнёна прачытаў верш “Я мужык-беларус… Пан сахі і касы...”. Дарэчы, Максім заняў 1-е месца на абласным этапе і 2-е месца на Рэспубліканскім конкурсе "АРТ-вакацыі" ў намінацыі "Рэцытацыя" за чытанне ўрыўка з паэмы Янкі Купалы "Яна і я".  На мерапрыемстве гучалі вершы “А хто там ідзе?”, “Мая малітва”, “Спадчына”, “Беларускім партызанам” і інш. у выкананні Валерыя Муравейкі, Уладзіслава Лазоўскага, Уладзіслава Барысевіча, Сяргея Ахрэмюка, Віталя Краўчанкі, Уладзіслава Дзеравянка, Яўгена Грыбава. Усе разам мы ўспомнілі  і паэму Янкі Купалы "Над ракой Арэсай (1933), якая была прысвечана камунарам, што асушалі балоты на Любаншчыне.

Мерапрыемства прайшло на высокім узроўні. Пройдзе зусім няшмат часу, і ў гэтай самай аўдыторыі загучаць вершы Якуба Коласа, юбілей якога прыходзіцца на лістапад месяц. Да сустрэчы, сябры!

Прочитано 306 раз
Оцените материал
(0 голосов)